ТВОРЧЫ КОНКУРС БАЖ “ВОЛЬНАЕ СЛОВА”
Грамадскае аб'яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» запрашае калег да ўдзелу ў штогадовым творчым конкурсе “Вольнае слова”.

Конкурс ладзіцца з мэтай удасканалення прафесійнага майстэрства супрацоўнікаў незалежных друкаваных СМІ і інтэрнэт-выданняў, заахвочвання таленавітых журналістаў, стымулявання іх дзейнасці ў адстойванні агульначалавечых каштоўнасцяў, у тым ліку прынцыпаў прафесійнай журналістыкі і свабоды слова.
“2011 год стаў адным з самых цяжкіх для беларускіх журналістаў — арышты, суды, запалохванні спадарожнічалі тым з нас, хто імкнуўся несці грамадзянам краіны вольнае слова”, - кажа старшыня конкурсу Юрась Карманаў. “ І тым больш каштоўнай для нас ёсць праца калег, якія ў экстрэмальных умовах здолелі прадэманстраваць высокія стандарты прафесіі”, - дадае журналіст.
Удзельнічаць у конкурсе маюць права толькі сябры ГА «БАЖ».
Ад аднаго аўтара на конкурс прымаюцца не больш за 3 матэрыялы, які пабачылі свет у 2011 годзе.
Намінацыі конкурсу:
1. Найлепшы інфармацыйны матэрыял (рэпартаж, інфармацыйнае паведамленне, інтэрв’ю).
Ацэньваецца:
арыгінальнасць інфармацыі (інфармацыйны факт, інфармацыйная нагода);
адпаведнасць прынцыпам падачы навін;
арыгінальнасць загалоўка, лід;
спосабы дасягнення эфекту прысутнасці (для рэпартажу);
аўтарскі стыль.
2. Найлепшая аналітычная публікацыя (артыкул дыскусійнага, аналітычнага, тлумачальнага плану, карэспандэнцыя, рэцэнзія).
Ацэньваецца:
грамадская значнасць узнятай праблемы;
адпаведнасць прынцыпам напісання аналітычнага, дыскусійнага тэксту;
прапорцыі «прысутнасці» меркаванняў аўтара і экспертаў, даказальнасць;
стыль, спосабы аўтарскай падачы;
«прывязка» да мясцовых праблем;
адпаведнасць прынцыпам пабудовы аналітычнага тэксту.
3. Найлепшая публікацыя мастацка-публіцыстычнага жанру ў журналістыцы (нарыс, эсэ).
Ацэньваецца:
выбар тэмы;
пераканальнасць, даказальнасць, ступень аўтарскай аргументацыі;
аўтарскі стыль.
4. Журналісцкае расследаванне
Ацэньваецца:
выбар тэмы; грамадская значнасць узнятай праблемы
пераканальнасць, даказальнасць, ступень аўтарскай аргументацыі;
аўтарскі стыль.
Вынікі творчага конкурсу ў пералічаных намінацыях шляхам тайнага галасавання падвядзе журы ў складзе 8 чалавек з ліку вядомых беларускіх журналістаў і публіцыстаў. Работы ўдзельнікаў конкурсу будуць ацэньвацца чальцамі журы па пяцібальнай сістэме.
Пераможцам будзе прызнаны аўтар, які набярэ найбольшую суму балаў. У выпадку, калі ў двух ці больш прэтэндэнтаў апынецца аднолькавая колькасць балаў, «лепшага з лепшых» вызначыць паўторнае тайнае галасаванне.
У кожнай з чатырох вышэйпералічаных намінацый прапаноўваецца ўручэнне памятных падарункаў і ганаровых дыпломаў БАЖ.
5. Намінацыя «Дэбют» — для маладых і пачынаючых журналістаў, стаж працы якіх (альбо супрацоўніцтва з рэдакцыяй) не перавышае трох гадоў.
Пераможцу намінацыі «Дэбют» уручаецца заахвочвальная прэмія і ганаровы дыплом БАЖ.
Усе конкурсныя матэрыялы выстаўляюцца на сайце арганізацыі.
Патрабаванні да афармлення конкурсных матэрыялаў:
На конкурс прымаюцца выразкі публікацый (альбо іх якасна зробленыя копіі), завераныя рэдакцыйнай пячаткай і подпісам кіраўніка рэдакцыі.
Абавязкова трэба:
прыкласці электронны варыянт матэрыялу (у фармаце.doc (MS Word)) і падаць наўпроставы лінк на яго ў Сеціве (калі гаворка ідзе пра інтэрнэт-публікацыю),
указаць дату выхаду публікацыі (на кожным артыкуле),
кароткія звесткі (не больш за адзін аркуш фармату А4) пра свой творчы шлях (што палічыце патрэбным).
Пазначце таксама вашы кантактныя дадзеныя: нумар тэлефона, электронны адрас.
Увага! НЕ прымаюцца да ўдзелу ў конкурсе лісты, у якіх не выкананыя ўсе вышэйпералічаныя патрабаванні.
Паважаныя сябры, свае публікацыі вы можаце перадаць у офіс ГА «БАЖ» асабіста ці даслаць па пошце заказным лістом з пазнакай на канверце «Конкурс». Наш адрас: 220030, Мінск, вул. Камсамольская, 7–32.
e-mail: press@baj.by (з пазнакай «Вольнае слова»).
ТЭКСТЫ ПРЫМАЮЦЦ ДА 15 КРАСАВІКА 2012
У склад журы конкурсу ўваходзяць:
Таццяна МЕЛЬНІЧУК
Андрэй АЛЯКСАНДРАЎ
Анатоль ГУЛЯЕЎ
Максім ЖБАНКОЎ
Аляксандр СТАРЫКЕВІЧ
Андрэй СКУРКО
Юрась КАРМАНАЎ, старшыня
Жадаем творчых поспехаў!
Умовы конкурсу зацверджаны Праўленнем ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» 10.04. 2007 г. Змяненні ва ўмовах конкурсу зацверджаны Праўленнем ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» 08.12.2008 г.
Каментары: