Агляд публікацый за 17-22 студзеня
Міжнародныя арганізацыі абураныя арыштам 25-і журналістаў у Самалі
“Артыкул 19” заклікае выпусціць зняволеных у Гамбіі калег
Міжнародная Федэрацыя Журналістаў асуджае збіццё албанскага фотажурналіста...

Парушэнні правоў журналістаў у Самалі
У Самалілэндзе былі арыштаваны 25 журналістаў, якія выступілі з пратэстамі супраць прыпынення дзейнасці прыватнага тэлебачання Horn Cable TV і вобшукаў у іх офісах 14 студзеня. Пазней амаль усе журналісты былі адпушчаны. Міжнародныя арганізацыі асуджаюць гэтыя дзеянні і разглядаюць іх як разгортванне кампаніі запалохвання журналістаў.
Нацыянальны саюз журналістаў Самалі апублікаваў штогадовы агляд па сітуацыі СМІ ў краіне. У 2011 годзе былі забіты 4 журналісты, паранены - 7, арыштаваны – 19; адбылося 7 атак на медыйныя арганізацыі і 5 судовых спраў аб паклёпе. Найбольш небяспечным аказаўся рэгіён Магадыша, на другім месцы – непрызнаная самаабвешчаная дзяржава Самалілэнд, на трэцім – Пунтленд.
Пажыццёвае зняволенне за лозунг на майцы
Былы міністр інфармацыі і камунікацыі Гамбіі Амаду Скатрэд Джанне (Amadou Scattred Janneh) быў асуджаны на пажыццёвае зняволенне за тое, што ў чэрвені 2011 года ён друкаваў і раздаваў майкі з надпісам “Кааліцыя за змены ў Гамбіі, спыніце дыктатуру зараз”. Пасля некалькіх месяцаў разгляду крымінальны суд Банжула прызнаў Амаду Джанне вінаватым ў здрадзе. Разам з ім абвінавачаны яшчэ 6 чалавек, 3 з іх асуджаны на зняволенне тэрмінам ў тры гады з цяжкай працай, 3 чалавекі пакінулі краіну. “Артыкул19” нагадвае пра існаванне “Міжнароднага пакта па грамадзянскіх і палітычных правах” і “Афрыканскай хартыі па правах чалавека і народаў”, якія прадугледжваюць абмежаванне права выказвання меркаванняў ў вузкіх, ярка акрэсленых выпадках. Такім чынам прэзідэнт краіны Яйя Джаммэ разбіраецца са сваімі палітычнымі апанентамі. Арганізацыя заклікае выпусціць зняволеных і адмяніць устарэлыя рэпрэсіўныя законы, якія пагражаюць існаванню фундаментальных правоў.
Міжнародная Федэрацыя Журналістаў асуджае збіццё албанскага фотажурналіста Ведата Джымшыці (Vedat Xhymshiti), які здымаў акцыю за самавызначэнне на мяжы Косава і Сербіі. Журналіст здымаў гвалтоўныя дзеянні паліцыі супраць грамадзян, пакуль сам не трапіў у поле зроку паліцыі, пасля чаго быў збіты да страты прытомнасці. Асацыяцыя прафесійных журналістаў Косава і Саююз журналістаў Косава патрабуюць расследвання і пакарання нападнікаў.
Курдскае спадарожнікавае ТБ вымушана спыніць трансляцыю
“Рэпарцёры без межаў” здзіўлена рашэннем спадарожнікавага тэлеаператара Eutelsat, офіс якога знаходзіцца ў Парыжы, спыніць трансляцыю курдскага тэлебачання Roj TV, размешчанага ў Капенагене. Раней дацкі суд прызнаў, што Roj TV падтрымлівае Рабочую Партыю Курдыстана - узброеную сепаратыстскую групоўку, якая лічыцца тэрарыстычнай. Тэлебачанне транслявалася ў 68 краінах.
Пра турму, адвакатаў і права на інфармацыю
У Гандурасе забіты адвакат Рыкарда Разалес (Ricardo Rosales) - праз тры дні пасля таго, як яго словы былі працытаваны газетай Diario Tiempo з абвінавачаннем на адрас паліцыі паўночнага горада Тэла ў здзеках над вязнямі турмаў. “Адвакаты, побач з журналістамі, праваабаронцамі, прафсаюзамі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і звычайнымі грамадзянамі, з’яўляюцца апірышчам свабоды інфармацыі і часта плоцяць за гэта сваімі жыццямі,” адзначае “Рэпарцёры без межаў”.
Забойства ў мячэці
У пакістанскай мячэці забіты журналіст Мукарам Хан Атыф (Mukarram Khan Atif), карэспандэнт размешчанага ў Вашынгтоне Deewa Radio і рэпарцёр станцыі ТБ Dunya News. Ён перадаваў навіны са свайго рэгіёна Мохманд, але потым пераехаў у Чарсаду ў мэтах бяспекі. Яго калегі сцвярджаюць, што часам ён атрымліваў указанні па тэлефоне наконт таго, як асвятляць навіны. Мохманд інакш называецца зонай плямёнаў і кіруецца Талібанам.
Смяротнае пакаранне іранскаму вэб-дызайнеру
Іранскі вэб-дызайнер Саід Малекпур (Saeed Malekpour) асуджаны на смяротнае пакаранне за антыдзяржаўную агітацыю і пагрозу ісламу. Рашэнне было падтрымана Вярхоўным судом. Канадскі грамадзянін быў арыштаваны 4 кастрычніка 2008 года, калі наведваў сваю сям’ю. Яго родныя сцвярджаюць, што суд прыняў рашэнне пад ціскам іранскіх Рэвалюцыйных Вартавых. Акрамя таго, працягваюцца затрыманні актыўных анлайн-журналістаў, блогераў і іх родных.
Пратэсты ў Румыні
У Румыніі падчас пратэстаў супраць ўрадавых захадаў жорсткай эканоміі пацярпелі некалькі журналістаў - прычым як ад пратэстантаў, так і ад паліцыі, якія праігнаравалі прад’яўленыя журналісцкія пасведчанні. Дзеянні супраць журналістаў былі асуджаны міжнароднымі арганізацыямі ACTIVEWATCH – MMA, “Рэпарцёрамі без межаў” і АБСЕ.
Каментары: