Фрагменты рэзалюцыі ПАСЕ датычна СМІ і свабоды выказвання
Дакумент прыняты 25 студзеня на паседжанні ў Страсбургу пасля абмеркавання дакладу пра сітуацыю ў Беларусі. Фрагменты «папярэдняга выдання» (рrovisional edition) гэтага дакумента, апублікаванага на сайце ПАСЕ, падаюцца ў неафіцыйным перакладзе ГА “БАЖ”.
Сітуацыя ў Беларусі
Рэзалюцыя 1857 (2012 г.)
1. Парламенцкая Асамблея глыбока заклапочана пагаршэннем становішча правоў чалавека і грамадзянскіх і палітычных свабод у Беларусі з моманту прыняцця рэзалюцыі 1790 (студзень 2011) пасля прэзідэнцкіх выбараў.
2. Беларускія ўлады працягваюць прымяняць рэпрэсіўны падыход у дачыненні да любых спробаў выказаць нязгоду, з бесперапыннымі пагрозамі, адвольнымі затрыманнямі і нагляданнем за прадстаўнікамі апазіцыі, незалежнымі СМІ, актывістамі грамадзянскай супольнасці і праваабаронцамі. Такія дзеянні пацвярджаюць трывожную тэндэнцыю, паводле якой улады ў Мінску наўмысна паварочваюцца спіной да Еўропы і агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў.
/……/
4. У святле нядаўніх трывожных новаўвядзенняў у сферы свабоды выказвання і свабоды сходаў і асацыяцый, Асамблея:
4.1. асуджае няспынны пераслед прадстаўнікоў апазіцыі і грамадскіх актывістаў, незалежных СМІ і праваабаронцаў у Беларусі;
/…../
4.3. выказвае шкадаванне з нагоды прысуду Алесю Бяляцкаму - чатыры з паловай гады пазбаўлення волі - па абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, і лічыць гэта судовым пераследам праваабаронцы за ажыццяўленне законнай дзейнасці па абароне правоў у краіне, дзе незалежныя арганізацыі не могуць зарэгістравацца і атрымліваць сродкі з-за мяжы;
/…../
5. Што тычыцца свабоды СМІ, Асамблея:
5.1. заўважае з глыбокай занепакоенасцю, што незалежныя выданні і медыйныя арганізацыі працягваюць падвяргацца пераследу праз штрафы і запалохванне патэнцыйных рэкламадаўцаў;
5.2. асуджае практыку вынясення беларускімі ўладамі “папярэджанняў” некаторым журналістам і праваабарончым арганізацыям і лічыць, што гэтая практыка парушае агульнапрынятыя міжнародныя стандарты;
5.3. асуджае практыку стварэння так званых “чорных спісаў” журналістаў, праваабаронцаў і іншых актывістаў, з мэтай абмежавання рэалізацыі імі сваёй прафесійнай дзейнасці і свабоды перамяшчэння.
/…../ 6. пункт – пытанне смяротнага пакарання
7. Што тычыцца сітуацыі з правамі чалавека і палітычнымі свабодамі, Асамблея паўтарае свой заклік да беларускіх уладаў:
/…../
7.6. забяспечыць свабоду слова і спыніць пераслед журналістаў і незалежных медыя праз практыку “папярэджанняў”;
/…./
7.10. прыцягнуць да адказнасці вінаватых, а таксама заказчыкаў і арганізатараў знікнення Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага, у адпаведнасці з настойлівай просьбай, зробленай Асамблеяй упершыню ў рэзалюцыі 1371 (2004 г.) /…../
8. пункт пра выбары, 9. – 10. агульная палітыка дачыненняў з грамадскасцю
11. Такім чынам, Асамблея пастанаўляе:
11.1. актывізаваць сваё ўзаемадзеянне з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і апазіцыйных сіл, а таксама незалежных прафесійных асацыяцый, узмацніць падтрымку для іх развіцця, і прапанаваць ім узяць удзел у круглых сталах, семінарах і слуханнях, арганізаваных яе камітэтамі;
/…../
Каментары: