Паўлу Сітніку далі штраф – тры базавыя
Затрыманага ў Віцебску сябра ГА “БАЖ” судзілі ў Віцебскім райсудзе 22 лютага.
Суддзя Ліпская прызнала яго вінаватым у парушэнні арт. 17.1 КаАП – дробнае хуліганства (нецэнзурная лаянка).
Слуханні пачаліся 22 лютага. Астатнія чацвёра фігурантаў гэтай адміністратыўнай справы, адпушчаныя 21 лютага для пошуку адвакатаў, у суд так і не з’явіліся, і суддзя разглядала справу без іх.
Яна заслухала сведкаў-міліцыянтаў, якія, па словах П. Сітніка, блыталіся ў паказаннях. Сам ён далучыў да матэрыялаў даведку пра сваю прыналежнасць да Евангельскай царквы, што мела засведчыць яго нясхільнасць нецэнзурна выказвацца.
Прыведзеныя аргументы на суд не паўздзейнічалі , і пасля паўгадзінных роздумаў суддзя вынесла вердыкт – тры базавыя велічыні штрафу для Сітніка і па трое сутак арышту завочна кожнаму з чатырох астатніх затрыманых.
Свой прысуд журналіст збіраецца абскарджваць.
Нагадаем, што Павел Сітнік быў за рулём машыны, якую 21 лютага спыніла ДАІ на ўездзе у Віцебск. У аўтамабілі, акрамя яго, знаходзіліся чатыры сябры “Маладога фронту” (зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі) - усе яны скіроўваліся на судовы працэс над віцебскім актывістам Сяргеем Каваленкам. Усіх, хто ехаў у машыне, затрымалі і даставілі ў РАУС Віцебскага раёна, дзе на ўсіх склалі пратаколы за дробнае хуліганства.
Каментары: