ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»

Рэгістрацыя

Пра БАЖ

Пра БАЖ

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» - добраахвотнае, недзяржаўнае, непартыйнае аб'яднанне грамадзян, якія займаюцца прафесійнай журналісцкай дзейнасцю альбо садзейнічаюць яе развіццю. БАЖ дзейнічае з восені 1995 года (у 2006 г. прайшла дзяржаўную перарэгістрацыю).

Асноўнай мэтай дзейнасці ГА «БАЖ» з’яўляецца:

— садзейнічанне рэалізацыі грамадзянскіх, эканамічных, сацыяльных, культурных і прафесійных правоў і законных інтарэсаў сябраў арганізацыі, іх творчаму самавыяўленню і росту прафесійнага майстэрства, стварэнне ўмоў для забеспячэння свабоды слова і друку, права на бесперашкоднае атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне інфармацыі.

Асноўнымі задачамі ГА «БАЖ» з’яўляюцца:

— абарона правоў і законных інтарэсаў сябраў ГА «БАЖ» у дзяржаўных органах і міжнародных арганізацыях.

— садзейнічанне сябрам ГА «БАЖ» у стварэнні матэрыяльна-тэхнічных, арганізацыйных і іншых неабходных умоў для дзейнасці і павышэння прафесійнага ўзроўню.

— распрацоўка цывілізаванай праграмы развіцця СМІ, якая павінна стварыць спрыяльныя ўмовы для іх функцыянавання на Беларусі.

— развіццё адносін з журналісцкімі арганізацыямі іншых краін свету.

ГА «БАЖ» можа вырашаць і іншыя задачы, якія вынікаюць з мэты Статута.

Сёння ў БАЖ налічваецца больш за 1000 сябраў, якія працуюць у розных перыядычных выданнях, на радыё і тэлебачанні, у выдавецкіх кампаніях. Некаторыя сябры арганізацыі з'яўляюцца супрацоўнікамі дзяржаўных СМІ. Акрамя цэнтральнага офіса ў Мінску, асацыяцыя мае 5 рэгіянальных філій.

З 1997 г. БАЖ - асацыяваны сябра Міжнароднай Федэрацыі Журналістаў (IFJ).

У 2003 г. Сусветная асацыяцыя газет (WAN) узнагародзіла БАЖ "Залатым пяром свабоды" (Golden Pen of Freedom prize).

У снежні 2004 г. Еўрапейскі парламент уганараваў БАЖ прэміяй імя Сахарава "За свабоду думкі".

У чэрвені 2011 г. Атлантычная Рада Злучаных Штатаў Амерыкі ўзнагародзіла БАЖ «Прэміяй Свободы Атлантычнай Рады». Разам з журналісцкай арганізацыяй ёй былі ўганараваныя незарэгістраваны Праваабарончы Цэнтр «Вясна» і беларускі «Свабодны тэатр».

З 1998 г. БАЖ стала вядзе маніторынг парушэнняў свабоды выказвання і правоў СМІ. У арганізацыі існуе сетка ўласных карэспандэнтаў па ўсёй Беларусі, якія аператыўна збіраюць і дасылаюць інфармацыю аб стане СМІ ў сваім рэгіёне.

Пад час выбарчых кампаній у 2004, 2006, 2007 і 2010 гадах БАЖ вёў маніторынг асвятлення тэмы выбараў беларускімі СМІ. Журналісты ў Мінску і рэгіёнах рабілі колькасны і якасны аналіз публікацый і праграм у дзяржаўных і недзяржаўных СМІ, фіксуючы час, адведзены розным суб'ектам выбарчага працэсу, і адзначаючы манеру іх рэпрэзентацыі. Аналітычныя заключэнні з апрацаванымі дадзенымі маніторынгу кожныя 2 тыдні прэзентаваліся на спецыяльных прэс-канферэнцыях, рассылаліся ў электронном выглядзе і размяшчаліся на сайце БАЖ на беларускай, рускай і англійскай мовах.

БАЖ з'яўляецца ўнікальнай крыніцай інфармацыі пра сітуацыю ў сферы СМІ ў Беларусі. Гэтая інфармацыя змяшчаецца на Інтэрнэт-сайце (www.baj.by), а таксама рассылаецца ў электронным выглядзе па больш чым дзвюх сотнях адрасоў беларускіх і замежных калег і партнёраў БАЖ. Інфармацыя маніторынгу БАЖ шырока выкарыстоўваецца ў беларусіх СМІ.

З 2000 г. БАЖ выдае прафесійны часопіс "Абажур". "Абажур" рассылаецца ў недзяржаўныя СМІ, а таксама ў 118 дзяржаўных газет і шэсць абласных тэлерадыёаб'яднанняў. У часопісе публікуюцца матэрыялы на тэмы аб прызначэнні і ролі СМІ ў грамадстве, прафесійным абавязку і адказнасці, журналісцкай этыцы, праблемах збору і распаўсюду інфармацыі і інш.

БАЖ вялікую ўвагу надае праграмам павышэння прафесійнай кваліфікацыі журналістаў. Партнёрамі арганізацыі ў гэтым накірунку з'яўляюцца Еўрапейскі цэнтр журналістыкі (EJC), Літоўскі Саюз журналістаў; шведскі інстытут (FOJO), Дацкі Саюз Журналістаў (DJ), Нарвежскі Саюз Журналістаў, фонд Фрыдрыха Эберта і іншыя арганізацыі-партнёры.

Часопіс «Абажур»

Абажур № 1 (92)

Часопіс “Абажур” выдаецца ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” са снежня 2000 г. Выданне зарэгістравана ў Міністэрстве інфармацыі (рэг. №833 ад 04.12.2009 г.). Выходзіць 1 раз на 3 месяцы накладам 600 асобнікаў, распаўсюджваецца бясплатна.